| Apr | MAY | Jun |
| 04 | ||
| 2012 | 2013 | 2014 |
COLLECTED BY
Collection: Wide Crawl started April 2013

| Платон | |
| Дата нараджэння: |
428 ці 427 да н.э. |
|---|---|
| Месца нараджэння: | |
| Дата смерці: |
348 ці 347 да н.э. |
| Месца смерці: |
Афіны |
| Грамадзянства: | |
| Асноўныя інтарэсы: |
Метафізіка, эпістэмалогія, этыка, эстэтыка, палітыка, адукацыя, філасофія матэматыкі |
| Аказалі ўплыў: | |
| Паслядоўнікі: |
Арыстоцель, практычна усе еўрапейскія і блізкаўсходнія філосафы |
Платон, Арыстокл (май 427 — 347 да н.э.) — старажытнагрэчаскі філосаф, адна з самых значных постацей філасофіі, заснавальнік платанізму.
Змест |
Сын Арыстона і Перыкліёны, спачатку насіў імя Арыстокл.
Арыстакрат з паходжання, Платон быў вучнем Сакрата. Ен стаў сведкам смерці свайго настаўніка, калі той прыняў атруту. Пасля смерці настаўніка філосаф пачаў вандраваць.
У Сіцыліі Платон пазнаёміўся з Дыёнам, членам сям'і тырана Сіракузаў. Там ён вырашыў заняцца выхаваннем сына тырана Дыяніса малодшага, каб выхаваць ідэальнага кіраўніка дзяржавы, які адпавядаў бы тэорыям і поглядам Платона, але бацька Дыяніс старэйшы заўпарціўся, і філосаф быў вымушаны пакінуць Сіракузы.
Паводле падання, падчас плавання, карабель, на якім плыў Платон, пацярпеў крушэнне, і філосаф патрапіў у рукі злодзеяў і быў прададзены ў нявольніцтва. Праз нейкі час ён быў выкуплены і вярнуўся ў Афіны. Там Платон заснаваў сваю знакамітую школу — "Акадэмію".
Платон памёр ва ўзросце 80 гадоў.
Аўтар 34 філасофскіх дыялогаў (большасць з іх — гутаркі Сакрата з вучнямі), прамовы «Апалогія» (абарона Сакрата), 13 лістоў, а таксама «Вызначэнняў», якія ў антычнасці прыпісваліся Спеўсіпу. Найбольш вядомыя творы Платона: «Крытон» (аб павазе да законаў), «Лахет» (аб мужнасці), «Эўтыфрон» (аб набожнасці), «Гіпій меншы» (аб хлусні і несправядлівасці), «Краціл» (аб мове), «Федон» (аб справядлівасці), «Тээтэт» (аб ведах), «Тымей» (касмалогія) і інш.
У філасофскай сістэме Платона вылучаны ўсе асноўныя састаўныя часткі ведаў: анталогія, касмалогія, гнасеалогія, этыка, эстэтыка. Першасным ён называў свет вечных, нязменных, самастойна існуючых сутнасцей — ідэй. Другаснай, вытворнай ад іх, лічыў усю разнастайнасць пачуццёва ўспрымальнага свету; кожная рэч — вынік спалучэння ідэі (узору) з бясформеннай матэрыяй; пачуццёвы свет як нараджэнне ідэй і матэрыі займае сярэдзіннае становішча паміж імі. На яго думку, упарадкаванасць быцця па-свойму выражае Космас, у якім на кожным кроку сустракаецца боскі розум (дэміург). 3 сумесі ідэй і матэрыі дэміург стварае сусветную душу, якая распаўсюджана па ўсёй прасторы. Успаміны бессмяротнай душы аб ідэях, якія яна сузірала да смерці, складаюць сутнасць працэсу пазнання, а яго найбольш правільным метадам мыслення з'яўляецца дыялектыка. У аснове працэсу пазнання ляжыць любоў да ідэі — узыходжанне ад любові да асобных рэчаў і цел да любові ў сферы душ, а ад іх — у сферы чыстых ідэй («Федр», «Парменід», «Сафіст»). Паводле Платона, душа складаецца з трох частак: вышэйшай — розум; сярэдняй — воля і высакародныя ўчынкі; ніжэйшай — захапленні і пачуццёвасць. У этыцы гэтаму адпавядаюць тры асноўныя дабрачыннасці — мудрасць, мужнасць, разважнасць і пакорлівасць; іх носьбітамі з'яўляюцца адпаведна тры саслоўі грамадства: філосафы і правіцелі, воіны і чыноўнікі, земляробы і рамеснікі. Лагічнае спалучэнне і раўнавага трох дабрачыннасцей дае пачатак чацвёртай, агульнадзяржаўнай дабрачыннасці — справядлівасці («Горгій», «Палітыка»).
Платон вылучаў тры асноўныя формы праўлення: манархію, арыстакратыю і дэмакратыю. На яго думку, манархія (уладаранне аднаго) бывае законная (цар) або насільная (тыран); арыстакратыя (уладаранне нямногіх) — панаванне лепшых або алігархія (панаванне горшых); дэмакратыя (уладаранне ўсіх) — арганізаваная паводле законаў або беззаконная (насільная). Выступаў супраць палітычнай дакгрыны, якая абапіраецца на «права мацнейшага» і лічыць перамогу над сваімі праціўнікамі адзіным крытэрыем легітымнасці і адзінай крыніцай шчасця. На яго думку, умацаванню ідэальнай дзяржавы павінна служыць строгая сістэма адукацыі і выхавання грамадзян, якія не стануць злоўжываць палітычнай дзейнасцю на ўласную карысць, будуць кіравацца ідэямі і вызнаваць сапраўднае дабро («Палітыка», «Дзяржава», «Законы»).
Лічыў, што сапраўднай крыніцай жыцця для ўсяго жывога павінна стаць вечная прыгажосць, якая ўяўляе сабой зліццё ідэі і матэрыі, або разумнасці і задавальнення. Пры гэтым прыгажосць жыцця і прыгажосць рэальнага быцця вышэй за прыгажосць мастацтва, таму што быццё і жыццё ёсць перайманне вечных ідэй, а мастацтва ёсць перайманне быцця і жыцця, г. зн. перайманне пераймання («Іон», «Геній Большы» і інш.).
Платон атрымаў прызнанне яшчэ пры жыцці, што дапамагло ягоным творам дайсці да нашых дзён. Гістарычная фігура Платона была заменена на ідэалізаванае уяўленне пра універсальнага філосафа ў школе неаплатанізму Плаціна (3 ст.)[1].
Яго творы ўключаліся ў школьныя праграмы, вывучаліся ў брацкіх, кальвінісцкіх, арыянскіх школах, езуіцкіх клегіумах і акадэміях.
Сваё папулярнае імя атрымаў за «шырокія плоскія» грудзі і лоб. У эпоху Адраджэння Платона ўяўлялі сабе ідэальна прыгожым чалавекам, следам за думкай антычных аўтараў[2]. Таму яго партрэтам лічылі прыгожую бронзавую галаву з павязкай на валасах (пазней імаверна атаясамлена з Дыянісам). Аўтэнтычны партрэт Платона быў атаясамлены толькі ў канцы 19 ст. з гермай, якую перавезлі ў Берлін са збораў Кастэлані ў Рыме (1884), і якая стала асновай усё далейшай, верагоднай іканаграфіі Платона. Адзначаецца, што від Платона, вонкава неінтэлігентны, «негеніяльны» выклікаў пэўнае расчараванне ў даследчыкаў. Аднак, гэтае ўяўнае разыходжанне паміж формай і зместам адпавядала поглядам на мастацтва самога Платона, які лічыў мастацтва нечым цалкам ілюзорным, падманлівым[1].